САНА́ТНА-ЦЫКЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,
разнавіднасць шматчасткавай цыклічнай формы музычнай, характэрная для санатна-сімфанічнага (сімфоніі, канцэрты і г.д.) і санатнага (санаты, трыо, квартэты, квінтэты і інш.) цыклаў. Ёй уласцівы драматургічная і функцыян. ўзаемасувязь частак на аснове канцэпцыйнага адзінства цыкла пры пэўнай вобразна-тэматычнай іх самастойнасці.
Вытокі С.-ц.ф. ў стараж. цыклічных творах тыпу стараж. санаты, сюіты, партыты, такаты і інш. У працэсе эвалюцыі выкрышталізаваліся яе структурныя і функцыян. асаблівасці, якія сталі ўстойлівымі (нарматыўнымі) у творчасці венскіх класікаў (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Класічная С.-ц.ф. мае 4 часткі (часам 3, як выключэнне — 2). 1-я частка — санатнае алегра (гл. Санатная форма), якая зместам і характарам музыкі вызначае маст. сэнс усяго санатна-сімф. цыкла. 2-я частка, павольная, звычайна — лірычны цэнтр санатна-сімф. цыкла. 3-я частка рухомая, з нечаканымі вобразна-тэматычнымі пераключэннямі. Паслядоўнасць сярэдніх частак цыкла бывае адваротная. 4-я частка (фінал) выніковая ў творы. У працэсе развіцця муз. мастацтва адбыліся змены ў канцэпцыях і драматургіі санатна-сімф. цыкла. Наватарскія рысы С.-ц.ф. выявіліся ў інтэрпрэтацыі Бетховена (у 9-й сімф. харавы з салістамі фінал), Г.Берліёза (у «Фантастычнай сімфоніі» ўпершыню выкарыстана лейттэма). З 5-й сімфоніі Бетховена замацоўваецца тэндэнцыя як непасрэднага пераходу адной часткі С.-ц.ф. ў наступную.
У музыцы 20 ст. мадыфікацыі С.-ц.ф. датычаць тэматызму (Дз.Шастаковіч, Р.Шчадрын, Г.Канчэлі, Дз.Смольскі, Я.Глебаў), узаемасувязі частак (І.Стравінскі, А.Веберн, Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Я.Цікоцкі, А.Мдывані, Дз.Смольскі, В.Кузняцоў, Ф.Пыталеў і інш.), часам да іх зліцця ў адно цэлае (Канчэлі, Смольскі), колькасці частак і прынцыпаў формаўтварэння (Шастаковіч, А.Месіян, М.Аладаў, Л.Абеліёвіч, Мдывані, К.Цесакоў). У сучаснай музыцы значную ролю адыгрываюць яе індывідуалізаваныя варыянты.
Літ.:
Катуар Г.Л. Музыкальная форма. Ч. 2. М., 1936;
Способин И.В. Музыкальная форма. 7 изд. М., 1984.
Т.А.Дубкова.
т. 14, с. 144